На юбілей Купалаўскага тэатра прыйдуць Кабякоў і Давыдзька

На юбілей Купалаўскага тэатра прыйдуць Кабякоў і Давыдзька

Купалаўскі тэатр адзначае сёлета сваё 95-годдзе. 15 верасня на Вялікай сцэне тэатра пройдзе святочная імпрэза. На яе запрошаныя выбітныя прадстаўнікі сферы культуры, а таксама высокапастаўленыя чыноўнікі. Квіткі на імпрэзу не прадаваліся.

Як паведамляе Радыё "Свабода", урачысты вечар пройдзе ў дзвюх частках. Спярша пакажуць спектакль "Сфінкс" Актава Фелье, які першым з'явіўся на сцэне яшчэ ў 1890 годзе, калі ў Мінску пачаў працаваць Гарадскі губернскі тэатр. У другой частцы пройдзе рэтраспектыва легендарных спектакляў, якія ўжо не ідуць: "Трыбунал", "Памінальная малітва", "Гаральд і Мод", "Тутэйшыя" і г. д.

Паведамляецца, што на вечарыну прыйдзе прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. У ліку іншых чыноўнікаў у тэатр прыйдзе былы "купалавец", а цяпер старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка даслаў калектыву Купалаўскага віншавальную тэлеграму.

Дарэчы, у дзень нараджэння тэатра 14 верасня Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла марку "Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы" з серыі "Тэатры Беларусі". Яе наклад склаў 60 тысяч асобнікаў.

Фота: БЕЛТА