На заводзе "Лёс" на Аршаншчыне адключылі ацяпленне

На радыёзаводзе "Лёс", што ў Барані на Аршаншчыне, адключылі ацяпленне. З батарэй ужо злілі ваду. Кіраўніцтва кажа, што ў гэтым сезоне ацяпленне ўжо не ўключаць. На прадпрыемстве было заўсёды кепска, а зараз у крызіс стала яшчэ горш, кажа старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу металістаў Васіль Леўчанкаў.

Леўчанкаў: "Вы ведаеце, што горшыя часы не толькі ў нас. Гэта паўсюль такое, мала дзе топяць. Мне казалі, што на "Металісце" тое самае. Я дакладна ведаю, што паўсюль кепска топяць. А ў нас дык зусім адключылі".

Прафсаюз пісаў дырэктару тры разы. Адказ атрымалі толькі на адзін зварот: няма грошай, таму даводзіцца эканоміць. Васіль Леўчанкаў кажа, што працоўныя да гэтага ўжо прызвычаіліся і трываюць.