На здымках беларускага "Што? Дзе? Калі?" (фота)

Карэспандэнт "Еўрарадыё" наведаў здымачны павільён беларускага тэлеклуба "Што? Дзе? Калі?". Скарыстаўшыся адсутнасцю забароны на фатаграфаванне, мы зрабілі некалькі здымкаў. Падобна да таго, што забараніць фатаграфаванне арганізатары папросту забыліся. Увогуле ж, у дачыненні да тых, хто прыйшоў на здымкі, дзейнічае шмат забаронаў. Першая з іх — наконт мабільных тэлефонаў. Званкі перашкаджаюць працы апаратуры, таму тэлефоны абавязкова трэба адключаць.

Змагаецца здымачная група і з жуйкамі. Вось што адміністратар праграмы Павел Забаўскі кажа прысутным у студыі перад гульнёй:

Павел Забаўскі: "Усе тыя, у каго ёсць жуйкі. З мінулага раза правілы змяніліся. Глытайце, гэтую жуйку, калі ласка! Каму цяжка — усё адно глытайце, але паспрабуйце ўсё ж такі незаўважна! Калі камера каго-небудзь выхапіць з жуйкай... А калі прылепіце да фатэля, мы вас дакладна знойдзем!"

У першы ж дзень здымак адбылося першае надзвычайнае здарэнне: адна з дзяўчат з шэрагу гледачоў страціла прытомнасць. Праз вялікую колькасць асвятляльных прыбораў у павільёне даволі спякотна... Таму непрытомнасць для здымак "Што? Дзе? Калі?" — штатная сітуацыя. Гэты эпізод заўважылі нават не ўсе прысутныя ў студыі. А тэлегледачы дык і ўвогуле нічога не заўважаць. Працягвае Павел Забаўскі:

Павел Забаўскі: "Цяпер мая ўлюбёная тэма — непрытомнасць. Быў у нас мінулым разам такі незабыўны выпадак. Таму, шаноўныя спадары і асабліва спадарыні! Калі ў вас узнікла жаданне страціць прытомнасць, пастарайцеся зрабіць гэта ціха, без крыкаў, і ўпасці на рукі людзей, якія стаяць за вашай спінай.

Падчас рэкламнай паўзы трэба дзяўчыну акуратна і пяшчотна вынесці з залы. Калі дзяўчына падчас вынасу пачынае адбівацца і крычаць "Куды вы мяне цягнеце?!", трэба паставіць яе на месца, бо непрытомнасць была фіктыўная".

Не ўсё атрымлівалася зняць з першага дублю. Напрыклад, асістэнты вядучага некалькі разоў адчынялі і зачынялі дзверы, рыхтуючыся да музычнай паўзы. Вось як гэта было:

"Паехалі, Вася! Дзверы! Святло! Шаноўная публіка, я вас папрашу проста... Мы зараз запішам апошні дубль — не варушыцеся, зараз мінімум рухаў! Вася, зараз усё было выдатна — проста замацуем апошнім дублем!"

Паведамляць пра вынікі здымак і пра тое, як праходзілі гульні, пакуль што нельга. А на маю думку, дык і не трэба. Вы самі ўсё пабачыце на наступным тыдні. Адно скажу: было цікава!