Нацыянальныя візы краін Еўрасаюза могуь стаць бясплатнымі для беларусаў
Пра гэта паведамляе грамадская арганізацыя "Офіс за дэмакратычную Беларусь” (Брусель), паведамляе БелаПАН.
Кааліцыя "За Еўрапейскі кантынент без візавых бар'ераў" заклікала ўрады ўсіх краін — членаў Еўрасаюза і інстытуты ЕС пераняць прыклад Польшчы і адмовіцца ад збораў за афармленне і выдачу нацыянальных віз для грамадзян Беларусі.
“Рэпрэсіўныя дзеянні беларускага ўрада супраць сваіх грамадзян больш не могуць разглядацца ў якасці ўнутранай справы і патрабуюць сумесных дзеянняў з боку ўсіх дзяржаў — членаў ЕС і інстытутаў ЕС”, — гаворыцца ў звароце.
Аўтары звароту ўпэўненыя, што візавая палітыка з'яўляецца адным з лепшых інструментаў для выказвання салідарнасці з беларускім грамадствам.
Кааліцыя таксама заклікала адрасатаў звароту аднавіць папярэднія і ўвесці дадатковыя візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, прадстаўнікоў праваахоўных і судовых органаў, якія ўдзельнічалі ў гвалце супраць удзельнікаў дэманстрацыі 19 снежня 2010 года і масавых парушэннях правоў чалавека, а таксама адказных за гэтыя дзеянні.
Разам з тым аўтары звароту адзначаюць, што выбарачныя санкцыі ў дачыненні да дзяржаўных чыноўнікаў не павінны парушыць дабрабыт простых грамадзян краіны.
Зварот змяшчае заклік захаваць перспектыву бязвізавага рэжыму для Беларусі (як гэта прадугледжана ў рамках праграмы “Усходняе партнёрства”) і падтрымаць перамовы па пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму.
Нагадаем, кааліцыя “За Еўрапейскі кантынент без візавых бар'ераў” была створана ў Варшаве ў лістападзе 2010 года. Мемарандум аб стварэнні кааліцыі падпісалі шэраг арганізацый з Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Беларусі, Бельгіі, Грузіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Славакіі, Украіны, Чэхіі і Швецыі, у тым ліку "Офіс за дэмакратычную Беларусь" і аддзяленні інстытута "Адкрытае грамадства".