Над Беларуссю праляцяць два зоркапады

На пачатку траўня беларусы змогуць пабачыць два зоркапады — Акварыды і Лірыды. Праўда, магчыма гэта будзе толькі пры добрым надвор'і і бясхмарным небе.  Як паведаміла БЕЛТА, зорная плынь Акварыды будзе найбольш актыўнай 4 і 5 траўня. У гэтыя дні чакаецца ад 20 і больш метэораў у гадзіну. Некаторыя астраномы прагназуюць нават да 70 знічак у гадзіну. Ляцець метэоры будуць з хуткасцю 65 кіламетраў у секунду, пакідаючы белы след. Назіраць іх найлепш у перадсвітальныя гадзіны ўдалечыні ад гарадскіх агнёў.

Метэорная плынь Лірыды дасягне свайго піку 8 траўня. Праўда, яна значна саступае Акварыдам па колькасці метэораў — іх чакаецца каля трох у гадзіну.

Дарэчы, наступны зарапад Беларусь чакае толькі ў канцы ліпеня і жніўні. У гэты час можна будзе бачыць больш за 100 метэораў у гадзіну.