"Народная Воля" атрымала чарговае папярэджанне ад Мінінфармацыі

Міністр Алег Праляскоўскі угледзеў парушэнне заканадаўства ў вераснёвай нататцы "Хто пачуе лозунг "Сыходзь!"? пра тое, што незарэгістраваны ў Беларусі "Малады фронт" пачынае аднайменную акцыю.
У "распаўсюдзе інфармацыі ад імя не пройдзенай ва ўсталяваным парадку дзяржаўную рэгістрацыю арганізацыі" міністр і ўгледзеў парушэнне закона, паведамляе рэдакцыя газеты.

"Але парадокс у тым, што міністр няўважліва прачытаў матэрыял. У публікацыі газеты было паказана, што "Малады фронт" у Беларусі не зарэгістраваны, і ніякіх заяў ад імя гэтай арганізацыі мы не публікавалі",  - гаворыцца на сайце газеты. "Мы ўзялі інтэрв'ю ў моладзевага лідара Зміцера Дашкевіча, які і распавёў пра сутнасць ініцыятывы. Персанальна Дашкевіч права выказваць свае думкі не пазбаўлены, сапраўды гэтак жа, як няма ніякага закона, па якім газета не можа яго цытаваць", - сцвярджае рэдакцыя газеты.

Больш за тое, дзяржаўныя СМІ ў апошні час з вялікай рэгулярнасцю цытуюць лідараў "Маладога фронта". Прычым часта нават не паказваючы, што арганізацыя не зарэгістравана ў Беларусі. Апошні прыклад — публікацыя газеты "Беларусь сегодня"  "За кулісамі змовы".   

"Народная Воля" збіраецца падаваць скаргу на Міністэрства інфармацыі ў суд.

Фота — bymedia.net