“Нашу ніву” не пусцілі на “Дажынкі-2010”

Спачатку арганізатары “Дажынак” нібыта згубілі акрэдытацыю для “Нашай нівы” на фестываль працаўнікоў вёскі. А потым газеце адмовілі без тлумачэння прычынаў. Пра гэта распавёў галоўны рэдактар выдання Андрэй Скурко. Скурко: “Арганізатары казалі, што не могуць знайсці нашу акрэдытацыю. Пасля яны ператэлефанавалі і паведамілі, што мы не акрэдытаваныя, і не патлумачылі падставаў. Відаць, звычайныя чыноўніцкія перастрахоўкі”.

Галоўны рэдактар адзначыў, што гэта права арганізатараў. Аднак сп.Скурко дадаў, што ва ўсім свеце арганізатары зацікаўленыя, каб як мага больш выданняў напісалі пра іх мерапрыемства.