Настаўнік музыкі ў вольны час абкрадаў аўтамабілі

У Мазыры міліцыянты заспелі на гарачым 23-гадовага настаўніка музычнай школы вёскі Міхайлаўская Рудня. Як высветлілася, малады чалавек пастаянна абкрадаў аўтамабілі.

Настаўнік позняй ноччу гуляў каля дамоў, выбіраючы не абсталяваныя сігналізацыяй машыны. З газава-шротавага пісталета ён страляў у шкло пярэдніх пасажырскіх дзвярэй і на час хаваўся.
Калі ўсё было спакойна — лез у аўтамабіль і абіраў. Так, з "Рэно-Лагуны" малады чалавек украў аўтамагнітолу Sony, флэш-карту і ключы ад кватэры. Падобным чынам ён спрабаваў пранікнуць у "Аўдзі А-8", але жыхар аднаго з дамоў выклікаў міліцыю, і падазроны быў затрыманы.

Дома ў настаўніка знайшлі шмат крадзенага. Высветлілася, што педагог-злодзей у 2002 г. ужо быў асуджаны за крадзеж, аднак трапіў пад амністыю.

БелаПАН