Насту Лойка выклікае контрвыведка

14 лютага да праваабаронцы Насты Лойка патэлефанаваў следчы з ваеннай контрвыведкі. Ён адмовіўся прадставіцца і сказаў, што пры сустрэчы можа паказаць сваё службовае пасведчанне. Калі Наста ўдакладніла, што менавіта ад яе патрабуецца, ён адказаў, што хоча запрасіць на размову, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Наста адказала, што размаўляць з ім адмаўляецца і, калі ён хоча дапытаць яе ў якасці сведкі, то павінен даслаць дадому позву, аформленую належным чынам, якую б яна атрымала пад подпіс.  Следчы паабяцаў бліжэйшым часам даслаць позву.

Нагадаем, 4 студзеня Насту Лойка ўжо дапытвалі ў якасці сведкі па справе аб масавых беспарадках супрацоўнікі КДБ. Пасля гэтага, каля двух тыдняў таму, да праваабаронцы таксама тэлефанаваў следчы ўпраўлення папярэдняга раследвання пры ГУУСе Мінгарвыканкаму. Ён таксама спрабаваў запрасіць на размову, але позву так і не даслаў.

Наста Лойка звяртае ўвагу на тое, што следчы з контрвыведкі, які сёння тэлефанаваў, не ведаў пра тое, што яе дапытвалі ў КДБ.

"Відавочна, што ў іх там бардак і гэта вялікая следчая група не можа нават скаардынавацца паміж сабой. Якім чынам яны збіраюцца раскрываць хоць нейкае злачынства – гэта пытанне. Таму вынікі іх дзейнасці пабачым у судзе, аднак па форме іх працы ўзнікае шмат пытанняў", - сказала праваабаронца.