Навагодні стол у Мінску каштуе як у Варшаве

Аднак сярэдні заробак у нашых суседзяў больш чым у 3 разы вышэйшы за сярэдні беларускі Еўрарадыё падлічыла, колькі трэба патраціць на навагодні стол для сярэдняй беларускай сям’і з чатырох чалавек у Мінску. А таксама параўнала яго з адпаведным святочным сталом у Варшаве. За аснову былі ўзятыя сённяшнія сярэднія кошты з крам “Рублёўскі” і “Carrefour”.

Новы год – свята, якое ў Беларусі традыцыйна адзначаецца ўсімі і паўсюль. Адным з галоўных яго элементаў, нароўні з Дзедам Марозам ды ялінкай, безумоўна, з’яўляецца святочны стол. Руплівыя гаспадыні пачынаюць рыхтавацца да яго загадзя: набываюць неабходныя прадукты, дастаюць з паліц найлепшыя сервізы. І пакуль дзеці ўпрыгожваюць ялінку, на кухні адбываецца сапраўдны экзамен на кулінарны спрыт для дарослых.

Гэтым разам на змену году Быка надыходзіць год Тыгра. Што ж павінна быць на стале, каб гэты магутны чароўны звер застаўся задаволены і прынёс у сям’ю дабрабыт на ўвесь наступны год?

2010 год – год Тыгра не абы якога, а Металічнага, Жоўтага ці Белага. Таму ў цэнтр стала мы пакладзем бананы (1 кг – 3500 руб.) ды мандарыны (1 кг – 6500 руб.). Але Тыгра аднымі бананамі не задаволіш – яму патрэбнае мяса. Возьмем свініны І гатунку (1 кг – 18800 руб.) і ялавічыны (1 кг – 11050 руб.). Яшчэ парэжам на сподачак, напрыклад, паўкіло вэнджанай каўбасы (1 кг – 27000 руб.) і засмажым кураня (1 кг – 7800 руб.).

Задаволіўшы Тыгра, задаволім і сябе традыцыйным селядцом пад шубай (селядзец – 3500 руб., маянэз – 1600 руб., буракі – 1100 руб.) ды салатам аліўе (гарошак – 1950 руб., каўбаса вараная – 13000 руб., агуркі марынаваныя – 6500 руб., яйкі (дзясятак) – 3800 руб.). Таксама парэжам паўкіло сыру (1 кг – 15000 руб.) ды хлеб (3000 руб.). Да бутэрбродаў прыдадуцца сметанковае масла ( пачак – 2500 руб.) ды шпроты (бляшанка – 4000 руб.). Несапраўдным беларускі святочны стол будзе і без бульбы (1 кг – 1200 руб.).

Калі есці ўсухамятку, можна сапсаваць сабе ўсё свята ды нават некалькі дзён пасля яго. Таму смела ставім на стол для дзяцей пачак соку (3500 руб.). Для дарослых знойдзецца і што-небудзь памацней: традыцыйнае шампанаскае “Советское” (13000 руб) і пляшка гарэлкі (7000 руб.). Для жанчын – да прыкладу, чырвонае віно “Кагор” (0,75 л. - 17000).

Ну і салодкае. Пасля бяседных “баталіяў” выставім на стол торт (25000 руб.). Таксама да гарбаты прыдасца і шакаладка (2500 руб.).

Разам за ўсе прадукты ў мінскай краме мы заплацім каля 184 тысячы рублёў. У варшаўскай краме за падобны пакупніцкі кошык давядзецца выкласьці  каля 200 злотых (недзе 200 тысяч рублёў).

Цікава, што ў польскай сталіцы вам даражэй абыдуцца не толькі алкагольныя напоі (бутэлька гарэлкі – каля 20 злотых, альбо каля 20000 рублёў), але і селядзец (каля 5000 рублёў), шпроты (каля 5000 рублёў) ды кураня (каля 11-13000 рублёў). Затое мандарыны (за 1 кг – каля 3000 рублёў) ды свініна (1 кг – каля 13000 рублёў) каштуюць танней.

Такім чынам, у Мінску святкаванне Новага года абыдзецца нам крыху танней, чым у Варшаве. Праўда, калі не ўлічваць шматлікія зніжкі ў польскіх крамах. Калі набываць прадукты толькі на распродажы — кошт навагодняга стала ў Варшаве можа скараціцца на траціну. Трэба памятаць, што і заробкі ў Беларусі ды Польшчы адрозніваюцца. Згодна з апошнімі дадзенымі, сярэдні заробак у нас — 363 долары. А ў Польшчы тым часам — 1200 долараў.





Фота аўтара