Назіральнікам не дазволяць бачыць падлік галасоў на выбарах

У законапраект аб змене выбарчага заканадаўства, які цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў, не ўвайшла папраўка, якая тычыцца магчымасці для назіральнікаў бачыць падлік галасоў. Пра гэта БелаПАН паведаміла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Яна заявіла, што паўнамоцтвы назіральнікаў засталіся ў ранейшай рэдакцыі: назіральнік мае права назіраць за падлікам галасоў. Фармулёўка аб умовах, якія дазваляюць бачыць зблізку падлік галасоў, выключаная як суб'ектыўная.

Ярмошына падкрэсліла, што кожны закон — гэта вынік кампрамісу: "Ёсць меркаванне тых, хто арганізуе выбары. Напрыклад, старшыні ўчастковых камісій лічаць сябе менш абароненым, чым назіральнікі. Яны патрабавалі, каб з'явіліся нормы, якія даюць шырэйшыя паўнамоцтвы чальцам і старшыням участковых камісій, больш абаранялі іх права. Таму быў абраны кампрамісны варыянт".

Ярмошына таксама паведаміла, што законапраект пашырае кола асоб, якія могуць быць вылучаныя назіральнікамі. Імі могуць быць не толькі чальцы грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, але і іх прадстаўнікі, а таксама самі кандыдаты на выбарныя пасады.