Назіральнікі: Амаль на ўсіх выбарчых участках Міншчыны былі парушэнні
Назіральнікі сцвярджаюць, што не маглі сачыць за падлікам галасоў, а старшыні выбарчых камісій не маглі забяспечыць захаванасць скрыняў.
Амаль на ўсіх выбарчых участках Мінскай вобласці назіраліся парушэнні. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў каардынатар кампаніі "За справядлівыя выбары" па Мінскай вобласці Мікалай Пахабаў. Па яго словах, асноўныя парушэнні – гэта тое, што старшыні выбарчых камісій не маглі забяспечыць захаванасць скрыняў, побач са скрынямі заўсёды дзяжурылі міліцыянты. Па-другое – назіральнікаў, якія падавалі скаргі, не запрашалі на паседжанні камісіі, што было зафіксавана на выбарчым участку ў Барысаве. У першыя дні датэрміновага галасавання назіральнікі заўважалі, што нейкім чынам знікалі агітацыйныя плакаты апазіцыйных кандыдатаў. Амаль на ўсіх участках назіральнікі не маглі сачыць за падлікам галасоў.
Пахабаў: “На 15-м участку, на Жодзінскім, старшыня камісіі ўзяў ў свае рукі скрыню для датэрміновага галасавання, і калі адчыняў яе, то скрыня развалілася ў яго руках – вываліліся дно і бюлетэні ўпалі. Нашымі назіральнікамі гэта было зафіксавана, мы падалі і ў пракуратуру і ў Цэнтральную выбарчую камісію скаргу. І там, дзе мы назіралі, – амаль усе назіральнікі напісалі скаргі аб непрызнанні вынікаў выбараў”.
Пахабаў распавёў пра выпадкі, на якія яны павінны былі пісаць скаргі. У Вілейцы было прымушэнне да датэрміновага галасавання. У Маладзечне на выбарчым участку ў кабіне для галасавання вісеў плакат, як узор для галасавання, птушка была пастаўлена ў другім квадраце – а ў другім квадраце знаходзіўся Лукашэнка. Назіральнік звярнуўся да камісіі і плакат знялі.
Пахабаў дадаў, што назіральнікі ад кампаніі “За справядлівыя выбары” супрацоўнічалі з назіральнікамі з АБСЕ, абменьваліся тэлефонамі. Назіральнікамі з СНД не прапаноўвалі супрацоўніцтва і не ішлі на кантакт.