“Не ўсе члены БНФ у стане заплаціць нават 10 тысяч складкі”

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі расказаў Еўрарадыё, дзе партыя бярэ грошы, колькі каштуе эфектыўная вулічная акцыя і якімі былі самыя вялікія ахвяраванні Нечаканая заява намесніка старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча, быццам акцыі апазіцыі больш не маюць фінансавай падтрымкі з боку замежных дзяржаваў, выклікала непаразуменне. Бо паводле закону партыям забароненае фінансаванне з-за мяжы. Старшыня БНФ паспяшаўся супакоіць: замежныя грошы законна можа атрымліваць зарэгістраванае грамадскае аб’яднанне “БНФ. Адраджэнне”. Партыя грошы з-за мяжы не атрымлівала. Прынамсі, пры старшынстве спадара Баршчэўскага, дадае палітык.

Лявон Баршчэўскі: “Партыя не мае права атрымліваць. Іншая справа, што ў нас ёсць грамадскае аб’яднанне “БНФ. Адраджэнне”. І яно ў тэорыі магло б атрымліваць. Хаця б на тую ж арэнду офіса, але пакуль з гэтым цяжка. Хаця мы працуем у гэтым кірунку. Бо ў нас галоўны арандатар офісу ГА “БНФ. Адраджэнне”. Ну, на акцыі… пры мне такіх грошай не было. Можа, раней і былі. Я не ведаю”.

З фінансаваннем у партыі зараз і сапраўды цяжка. Усё больш і больш партыйцаў застаюцца без працы і самі не адмовіліся б ад фінансавай дапамогі.

Лявон Баршчэўскі: “Канечне, у нас ёсць складкі. Яны, праўда, у нас добраахвотныя. Таму беспрацоўныя людзі іх не плацяць. А беспрацоўных з кожным месяцам большае. А затраты растуць. Таму яшчэ 2 гады таму мы маглі цалкам на такія стабільныя складкі неабходныя патрэбы задавальняць. Вось канкрэтны прыклад: Аляксандр Мех вельмі добра зарабляў, калі ў Белтрансгазе працаваў, і добрыя складкі плаціў. А вось цяпер ён не працуе. Цяпер яму самому трэба дапамагаць.”

У былыя часы, узгадвае старшыня БНФ, арганізатары апазіцыйных акцыяў маглі сабе дазволіць закідаць улёткамі Мінск ды яшчэ і на іншыя гарады хапала. Каштавала гэта прыкладна 5 тысячаў долараў. На сёлетні Дзень Волі апазіцыя “шыканула” ўсяго на 720 тысячаў рублёў.

Лявон Баршчэўскі: “Возьмем, да прыкладу, 1996 год, калі была эфектыўная вясна — то знаходзіліся спонсары, якія давалі па 5 тысяч умоўных адзінак. І тады ўдавалася закідаць улёткамі ўвесь Мінск і бліжэйшыя гарады. Цяпер, на жаль, пра гэта можна толькі марыць”.

Колькі пойдзе на “Чарнобыльскі Шлях”, Лявон Баршчэўскі не загадвае. Кажа — дамо, колькі зможам. Але ў крызісныя часы, відаць, шмат даць не атрымаецца. Адзін толькі транспарант з лозунгам, напісаным мастаком, каштуе 200 долараў!

Лявон Баршчэўскі:
“Ну, вось лічыце… Замовіць мастакам напісаць лозунгі — 200 умоўных адзінак. Калі друк прадукцыі, то адна ўлётка каштуе 10 цэнтаў. І калі гэта былі вялікія тыражы, то гэта былі вялікія сумы. Але гэта ўдавалася, толькі калі рабілі супольна з іншымі арганізацыямі. Чыста партыя не можа такія грошы знайсці на эфектыўнае фінансаванне”.

Аднак усё ж знаходзяцца мецэнаты, якія выдаткоўваюць на патрэбы партыі значна больш за 10 тысячаў рублёў — суму рэкамендаванай складкі.

Лявон Баршчэўскі: “Мы рэкамендуем: калі ў каго ёсць большая магчымасць у нейкі канкрэтны месяц больш заплаціць, то ён плаціць больш. Я сам часам, калі ў мяне нейкі ганарар быў, больш укладаў у некалькі разоў. Бывае, што чалавек зарабіў ганарар, даў 200 еўра, напрыклад”.

Як даведалася Еўрарадыё, першачаргова грошы са складак ідуць на арэнду офісу. Астатняе размяркоўваецца на акцыі і ўнутрыпартыйны друк. На зарплату кіраўніцтву партыі нічога не застаецца.



Фота bymedia.net