Neuro Dubel сёлета выдасць альбом "Аўтары праўды"

Беларуская група Neuro Dubel плануе сёлета выпусціць новы альбом. Плытка будзе называцца "Аўтары праўды", паведамляе агенцтва “БелаПАН”. Па словах лідэра гурта Аляксандра Кулінковіча, новы альбом пабачыць святло ў верасні. У яго ўвойдуць як рускамоўныя, так і беларускамоўныя песні, але песень на рускай мове будзе больш. "Беларускія неяк не пісаліся", — прызнаўся ён.

Наконт стылістыкі новага дыска Кулінковіч зазначыў, што "альбом будзе дурацкім". "Калі папярэдні альбом “Stasi” быў брутальным, цяжкім, то новы будзе падобны на амерыканскі панк. Панк — гэта наогул дурацкая музыка, а амерыканскі панк — тым больш", — растлумачыў ён.

Летась Neuro Dubel адзначыў 20-годдзе. За гэты час калектыў выпусціў 15 альбомаў, не лічачы ўдзелы ў сумесных праектах, і каля 20 кліпаў. Рэліз апошняга альбома — “Stasi” — адбыўся пры канцы 2007 года.