Невядомы "замініраваў" выбарчы ўчастак у Маладзечне

22 верасня ўвечары невядомы зрабіў ілжывае паведамленне аб мініраванні Маладзечанскага політэхнічнага каледжа. У гэтым жа будынку знаходзіцца Партызанскі выбарчы ўчастак N8. "Тэлефонны мінёр" пазваніў у Маладзечанскую станцыю хуткай медыцынскай дапамогі, а ўжо лекары перадалі інфармацыю міліцыянтам. На месцы здарэння сапёры выбуховай прылады не знайшлі.

Як паведамляе "Інтэрфакс", спярша ад грамадзян паступіла паведамленне, што на Цэнтральным пляцы, дзе размяшчаецца каледж, знаходзіцца падазроны прадмет у скрынцы. Сапёры з Мінску, аднак, у скрыні выбуховай прылады не выявілі — гэта была проста скрынка з пантофлямі.

Не паспелі сапёры вярнуцца ў Мінск, як паступіла яшчэ адно паведамленне аб тым, што нібы замініраваны каледж. Яны вярнуліся, агледзелі будынак, выбарчы ўчастак, выбуховага прыстасавання не знайшлі.