Незалежную газету "Бобруйский курьер" вярнулі на пошту

З трэцяга верасня недзяржаўная газета "Бобруйский курьер" ізноў прадаецца ў паштовых аддзяленнях Бабруйска і Бабруйскага раёна, паведамляе прэс-служба БАЖ. Супрацоўніцтва з незалежным выданнем кіраўніцтва Бабруйскага вузла паштовай сувязі скасавала сёлета ў траўні. Прычынай называўся "нізкі ўзровень продажу". Вярнулі газету ў рознічны гандаль праз паштовыя аддзяленні пасля рэкамендацыйнага ліста Грамадскай каардынацыйнай Рады па СМІ.

Нагадаем, дапамагчы шэрагу недзяржаўных выданняў вырашыць праблему з распаўсюдам ініцыянавала на першым паседжанні Рады па СМІ старшыня БАЖ Жанна Літвіна. Вярнуўшыся да гэтага пытання на наступным паседжанні, сябры Рады вырашылі звярнуцца да кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў "Белпошта" і "Саюздрук", а таксама кіраўнікоў рэдакцый, у якіх на сёння існуюць праблемы з распаўсюдам, з рэкамендацыямі ўзнавіць супрацоўніцтва.