"Нічыйныя" кватэры ў сталіцы чаргавікам не аддадуць

950 мінскіх кватэр, прызначаных чаргавікам, не маюць патэнцыйных уладальнікаў. Але тым, хто стаіць на ўліку па паляпшэнні жыллёвых умоў, яны, хутчэй за ўсё, не дастануцца, не зважаючы на абяцанні Лукашэнкі. Людзі стаяць у чэргах па кватэры яшчэ з савецкіх часоў. Фактычна змянілася толькі назва — зараз гэта чарга на ільготны крэдыт. Атрымаць пяціадсоткавы крэдыт на сорак гадоў зараз маюць шанец тыя шчасліўчыкі, якія спыталі "хто апошні?" у 1988 годзе.

Вырашаючы праблему чэргаў, Мінгарвыканкам пачаў абавязваць камерцыйных забудоўшчыкаў аддаваць пэўную колькасць кватэр у новабудоўлях людзям, якія стаяць на ўліку па паляпшэнні жыллёвых умоў, кажа дырэктар асацыяцыі "Нерухомасць" Мікалай Прасталупаў.

Мікалай Прасталупаў: "Калі Гарвыканкам даваў дазвол на будаўніцтва таго ці іншага дому камерцыйным забудоўшчыкам, ён абавязкова запісваў колькасць кватэр, якія яны павінны аддаць чаргавікам. Але розніца ў цэнах паміж дзяржаўнымі забудоўшчыкамі, напрыклад, "Мапідам", і камерцыйнымі вельмі істотная. Калі ў "Мапіда", груба кажучы, метр каштуе 600 долараў, то ў камерцыйных забудоўшчыкаў менш за 1100 не атрымоўваецца. Таму ахвотных чаргавікоў будаваць у іх кватэры вельмі мала. Вось у чым праблема".

Такіх “нічыйных” кватэр, паводле падлікаў Мінгарвыканкама, да канца года набярэцца 950. Гэта, хутчэй за ўсё, прымусіць улады зняць з забудоўшчыкаў абавязальніцтвы па продажы менавіта гэтага жылля чаргавікам, і яго хутка расхапаюць людзі, у якіх ёсць грошы на тое, каб не стаяць у чэргах, лічыць спадар Прасталупаў.

Мікалай Прасталупаў: "Але гэта лёгка вырашаецца. Калі да канца года кватэры, прызначаныя чаргавікам, не прададуцца, то Мінгарвыканкам, хутчэй за ўсё, здыме з іх гэтыя абавязальніцтвы. У вольным продажы гэтыя кватэры хутка разыйдуцца".

У лютым гэтага года Аляксандр Лукашэнка прыстрашыў камерцыйных забудоўшчыкаў, што не рэалізаваныя кватэры будуць канфіскаваныя. Але ўсё так і засталося на словах, кажа Мікалай Прасталупаў.

Мікалай Прасталупаў:
"Такога нарматыўнага дакумента не было. Гэта ўсё на ўзроўні размоў. Ніводнага нарматыўнага акта не было прынята пасля гэтых гутарак. Таму на сённяшні дзень законных падстаў няма".

Начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Мікалай Ком, наадварот, лічыць, што гэта вельмі рэальна — размеркаваць кватэры паміж чаргавікамі. Некаторыя забудоўшчыкі абяцаюць, што заключаць дамовы, некаторыя скарыстаюцца дапамогай выканкама. Аднаго толькі не жадаюць забудоўшчыкі, скардзіцца спадар Ком, — паніжаць кошты. Але ёсць прапановы ад 1000 да 1200 долараў.

Мікалай Ком: "У нас ёсць прапановы па 2850, 3088, 3300, 3500 тысяч рублёў (ад 1000 да 1200 долараў), але ж ёсць і метраж кватэр. Вось арганізацыя "Аўтапрывал" будуе дом на вуліцы Бяды, у іх плошча за 100 метраў. Вось памножце, таксама ж у выніку якая сума атрымоўваецца!"

Мы памножылі — і атрымалі, паводле сваіх сціплых разлікаў, больш за 100 тысяч долараў! Не кожны чаргавік сплоціць і палову гэткага крэдыту. Каб знайсці больш танныя варыянты, мы вырашылі звярнуцца ў адміністрацыю Цэнтральнага раёну сталіцы, каб яны нам прапанавалі штосьці з тых 950 кватэр. Але ўсе прапановы там толькі для людзей, якія занялі чаргу больш за 20 год таму.

Адміністрацыя Цэнтральнага раёна: "У долевае будаўніцтва мы накіроўваем у парадку чарговасці людзей, якія сталі ў чаргу да 1988 году. Квадратны метр 2850 таксама 3100 і 3800 тысяч рублёў (ад 1000 да 1300 долараў). Калі вы сталі пазней, то каля 102 кабінета ёсць спіскі забудоўшчыкаў, абірайце любую арганізацыю, якая вам больш за ўсё падабаецца, заключайце дамову і звяртайцеся ў "Адно акно" для падачы дакументаў на ільготны крэдыт".

Вось і ўся дапамога. Добра. Тэлефануем па забудоўшчыках. У найбуйнейшага камерцыйнага забудоўшчыка сталіцы "Арэса-сэрвіс" чарга ў 500 чалавек з такіх, як мы. Кампанія "Прамэкс", не саромеючыся, засмуціла нас.

"Прамэкс": "Я вас засмучу: для чаргавікоў у нас на сёння ўжо нічога няма, а з 5% крэдытам мы не працуем".

Засмуцілі нас і астатнія забудоўшчыкі, нават дзяржаўны "Мапід".

"Мапід": "У "Мапіда" вы ніяк не купіце кватэру. Мы — падрадная арганізацыя на аб'ектах горада. Ніякага дачынення да размеркавання плошчаў мы не маем, а свайго не прапаноўваем. Толькі ў красавіку, траўні ды чэрвені былі аўкцыёны, калі "Мапід" за свой кошт пабудаваў два дамы. Усе кватэры распрададзеныя, ў гэтым годзе больш не будзе".

Відаць, давядзецца сумаваць ды стаяць у чарзе, таму што ўсе высілкі ўладаў пакуль што не вельмі змяншаюць колькасць ахвотных атрымаць ільготны крэдыт на жыллё.

Фота — "Рэспубліка"