Нік Кэйв збіраецца стаць пісьменнікам

Аўстраліец Нік Кэйв мае намер працягваць працаваць ў немузычнай галіне. Зараз ён займаецца сцэнаром да чарговага фільма рэжысёра Джона Хілката, з якім ужо супрацоўнічаў два гады таму.

Сцэнар да фільму «The Proposition» аўтарства Кэйва атрымаў шмат цёплых водгукаў у прафесіяналаў індустрыі кіно, што і падштурхнула музыку працягнуць актыўнасць у гэтым кірунку.

Паводле словаў самаго Кэйва, ён піша «скрыпт да новага фільма Хілката, аднак пакуль невядома, што з гэтага атрымаецца".

Маўляў, ён стала атрымлівае запрашэнні такога кшталту, але прысвяціць сябе гэтаму рамяству ўвесь час нешта перашкаджае.

Кэйв дадаў, што напісанне сцэнароў — гэта менавіта тое, чым ён жадае займацца ў наступным.

Таксама 50-гадовы выканаўца паведаміў, што збіраецца пацешыць чытачоў сваім новым раманам. Праўда, калі гэта здарыцца, Кэйв сказаць не можа.

Нагадаю, што зараз Нік Кэйв заняты раскруткай сваёй новай кружэлкі, запісанай разам з паплечнікамі The Bad Seeds.

Дадам, што альбом «Dig Lazarus Dig!», які быў выдадзены ў пачатку сакавіка, стартаваў з другой пазіцыі аўстралійскага хіт-параду і падняўся да чацвёртага радка брытанскага.

Фота: www.bbc.co.uk