Ніводны беларус не купіў тур у Мадрыд на матч “Рэал-БАТЭ”

Але тым не менш у Іспанію паехала 50 чалавек, якіх клуб запрасіў персанальна. Пазаўзець у Мадрыдзе за барысаўскі “БАТЭ” каштавала беларусам 1 тысячу еўра. Аднак ніхто такі тур не набыў. Між тым, падтрымліваць нашых на стадыёне будзе 50 чалавек, якія паехалі на матч разам з камандай.

Пра гэта Еўрарадыё распавёў Андрэй Бабрыцкі, дырэктар агенцтва “АБФФ- Путешествие”, якое займаецца продажам тураў на выязныя матчы беларускіх каманд.

“Клуб склаў спісы, каго ён хоча бачыць у гэтай паездцы. Астатнія, хто жадаў, не здолелі сабе гэта дазволіць таму што квіток у Мадрыд на самалёт каштуе 500-600 еўра, плюс размяшчэнне, плюс наземны транспарт, плюс віза, плюс квіток на футбол. Кошт паездкі атрымліваецца каля 1 тысячы еўра. Шмат хто хацеў, але ніхто не паехаў”.

Дарэчы, на стадыёне “Санц’яга Бернабэў” для заўзятараў з Беларусі было аддадзена 4 тысячы месцаў, а ўсяго мадрыдская арэна ўмяшчае больш за 80 тысяч чалавек.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, хто трапіў у лік 50 заўзятараў, якія разам з камандай паляцелі ў Іспанію. Супрацоўнік прэс-службы БАТЭ Дзяніс Сарокін распавёў, што ў асноўным гэта партнёры каманды.

“Конкурс на палёт быў даволі вялікім, а месцаў зусім няшмат. 50 чалавек — гэта ў асноўным прадстаўнікі партнёраў клуба, а таксама самыя блізкія заўзятары і журналісты”.

Самалёт з барысаўскай камандай і групай падтрымкі вылецеў сёння ранкам у Мадрыд. У іспанскай сталіцы футбалісты БАТЭ будуць жыць у чатырохзорачным гатэлі “Vicci Soma”. Ужо заўтра матчам з “Рэалам” барысаўскі клуб стартуе ў групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Гульню ў прамым эфіры пакажа Першы канал. Пачатак трансляцыі ў 21.40.