Новы альбом Eagles выходзіць у продаж

На 5-га лістапада ў ЗША запланаваны пачатак продажу сёмага студыйнага альбома легендарнага амерыканскага рок-гурта Eagles пад назвай Long Road Out of Eden ("Доўгая дарога з раю"). Нагадаю, што папярэдні цалкам запісаны ў студыі альбом аўтараў сусветнавядомага хіта "Гатэль Каліфорнія", які назваўся The Long Run, з’явіўся ў 1979 годзе. "Доўгая дарога з раю" ўжо атрымала захопленыя водгукі журналістаў. Так, напрыклад, музычны крытык газеты "Бостан Глоб" Сара Родман лічыць, што новая кружэлка Eagles апраўдала гады чакання.

Паводле словаў Родман, "усе думкі, што доўгая паўза ў студыйнай творчасці Eagles стане прычынай творчага застою гурта і "закасцяненню" іх манеры выканання, знікаюць з першымі акордамі загалоўнай кампазіцыі альбома No More Walks in the Wood”.

Нагадаю, што з 1972 па 1979 гады гурт запісаў пяць студыйных альбомаў. А ў 1980 годзе калектыў разваліўся і ўз’яднаўся толькі праз 14 гадоў. Іх альбом "Лепшыя хіты 1971-1975" стаў самым прадаваным дыскам у гісторыі Злучаных Штатаў – было рэалізавана 29 мільёнаў асобнікаў.

Да гэтага часу ніводны рэліз за ўсю гісторыю існавання рэйтынгаў продажу не перавысіў наклад гэтага альбома.

Фота: www.mu-sik.com