Новы альбом Guns N’ Roses стане тэлесерыялам

Бясконцая гісторыя з выпускам новага альбома Guns N’ Roses «Chinese Democracy» можа ператварыцца ў тэлесерыял. Кіраўніцтва аднаго з буйных амерыканскіх музычных тэлеканалаў звярнулася да франтмэна калектыву Эксла Роўза з прапановай паказаць усе падрабязнасці стварэння лонгплэя, а таксама расказаць пра яго будучы рэліз у межах рэаліці-шоў.

Плануецца, што апроч здымкаў студыйнай працы, у выпусках праграмы будуць паказаныя і некаторыя эпізоды «хатняга відэа» Роўза.

Выхад шоў на экраны плануецца сумясціць па часе з рэлізам «Chinese Democracy» (калі такі наогул калі-небудзь будзе).

Новы альбом Guns N’ Roses ужо даўно ўспрымаецца ў музычных колах няйначай, як міф. Праца над ім пачалася яшчэ 14 гадоў таму, за гэты час на запіс было выдаткавана больш за 13 мільёнаў долараў, а ўсе шматлікія «дакладныя даты рэлізу» ужо прайшлі.

Тым не менш, гледзячы па інфармацыі якая з'явілася на днях у сетцы, лонгплэй усё ж існуе. Паводле апошніх паведамленняў, матэрыял альбома ўжо прапанаваны на разгляд босам лэйбла Geffen.

Зараз адзінай перашкодай на шляху «Chinese Democracy» у музычныя крамы могуць стаць некаторыя пункты кантракту, паводле якіх рокеры ніяк не могуць дамовіцца з рэкордзінгам.

Фота: yesterdays.blog.onet.pl