Новы альбом R.E.M з'явіцца ў сацыяльнай сетцы

Новы альбом гурта R.E.M., які атрымаў назву Accelerate, стане даступны карыстальнікам сацыяльнай сеткі iLike за тыдзень да рэлізу ў ЗША. Паводле паведамлення агенцтва Reuters, адзінаццаць трэкаў з новай кружэлкі з'явяцца ў iLike 24 сакавіка, хоць продажы альбома павінны пачацца 1 красавіка.

Франтмэн гурта Майкл Стайп пракаментаваў рашэнне калектыву тым, што "ў музычнай індустрыі за апошнія 5-10 гадоў адбыліся змены. Вядома, можна проста сядзець і глядзець, але лепш знаходзіцца на полі, а не на трыбуне."

Дадам, што на канцэрце, які адбыўся ў Фларыдзе 8 сакавіка, ужо прагучалі некалькі песень з альбома Accelerate.

Цікава, што Майкл Стайп выступаў у футболцы з партрэтам кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Барака Абамы.

Канцэрт у Фларыдзе стаў першым жывым выступам гурта ў 2008 годзе.

Фота: www.videorem.com