Новы мастацкі кіраўнік ТЮГу: Ніякай цэхавай дэмакратыі!

Рэжысёр Уладзімір Савіцкі прызначаны новым мастацкім кіраўніком Тэатру юнага гледача. Як адзначыў у каментары Еўрарадыё сам Савіцкі, новая пасада прынесла яму адчуванне адказнасці за іншых людзей – найперш за калектыў тэатру. Аднак аніякага панібрацтва ці цэхавай дэмакратыі ад новага мастацкага кіраўніка супрацоўнікам ТЮГу чакаць не варта. Уладзімір Савіцкі: “Я з тыдзень як у тэатры, таму толькі знаёмлюся з трупай, з рэпертуарам. Вельмі цікава! Я вельмі шмат паставіў спектакляў у іншых тэатрах – амаль ва ўсіх у Рэспубліцы. І так паставіў спектакль – і паехаў, а пасля мяне хоць бы што! А тут ужо такое адчуванне, што ты ўжо прыйшоў і адказваеш за рэпертуар, за людзей, за іх лёс у тэатры. Я з калектывам маю намер працаваць! Бо як пасядзіш у цёплай кампаніі з калектывам, то працаваць ужо нельга. Тут ёсць праца – аніякай цэхавай дэмакратыі!”

Як раней паведамляла Еўрарадыё, з папярэдняй галоўнай рэжысёркай тэатру Наталляй Башавай кіраўніцтва не працягнула кантракт. Частка акцёраў пратэставала супраць яе звальнення і нават звярталася да Аляксандра Лукашэнкі, але безвынікова.