Новыя песні The Eagles

Амерыканскія рокеры The Eagles, вядомыя найперш сваім суперхітом «Hotel California», збіраюцца сёлета зрабіць сваім адданым прыхільнікам прыемны сюрпрыз — студыйны дыск з новым матэрыялам. Нагадаю, што музыкі не выпускалі нічога новага амаль 30 год — з моманту выхаду ў 1979-м альбому «The Long Run». Пра гэта паведаў сваім прыхільнікам на выступленні ў The Eagles у Лас-Вегасе, фронтмэн гурта Дон Хэнлі. Праўда, музыка не змог удакладніць дату рэлізу дыска — па яго словах, яна яшчэ не зацверджаная.

На гэты момант The Eagles выконваюць на сваіх канцэртах дзве новыя песні — напісаную гітарыстам Джо Уолшам «One Day at a Time» і «No More Cloudy Days», аўтарам якой з’яўляецца другі вакаліст і гітарыст калектыву, Глен Фрэй. Дадам толькі, што негледзячы на з’яўленне ўсё новых складанак «лепшага», самым паспяховым альбомам у дыскаграфіі The Eagles застаецца выдадзены ў 1976-м годзе «Greatest Hits 1971—1975», які перавыдаецца амаль кожны год.

Па звестках Асацыяцыі рэкордынгавай прамысловасці Злучаных Штатаў, гэты альбом з’яўляецца бэстсэлерам усіх часоў з агульным накладам у 29 мільёнаў асобнікаў, якія разышліся толькі па ЗША. Мне, напрыклад, цікава было паслухаць новы матэрыял гурта. Усё ж ёсць надзея, што музыкі за 30 год здолелі напісаць хаця б яшчэ адзін хіт.