Нядбайным бацькам знойдуць працу нават у крызіс

Нягледзячы на крызіс і скарачэнне ліку вакансій на прадпрыемствах, "нядбайных бацькоў", абавязаных пакрываць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне дзяцей, працай забяспечаць. Пра гэта заявіла намесніца старшыні камісіі па справах непаўналетніх Мінгарвыканкаму Алена Герасіменка. У спісе прадпрыемстваў Мінску, якія прымаюць на працу такіх асобаў, больш за 500 пазіцый. Гэта ўсе буйныя прадпрыемствы горада: МАЗ, МТЗ, завод шэсцярэнь — пераважна гэта прамысловыя прадпрыемствы і сфера ЖКГ.

Для "нядбайных бацькоў" на гэтых прадпрыемствах забраніравана каля 1500 працоўных месцаў. Акрамя таго, у адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкама, пры з'яўленні вакансіі (некваліфікаваная праца), наймальнік абавязаны на наступны дзень заявіць пра яе наяўнасць у аддзел працаўладкавання.

На сённяшні дзень у Мінску налічаецца 2900 абавязаных асоб, з іх больш за 1500 працуюць і знаходзяцца на кантролі ў міліцыі. "Нядбайным бацькам" прыходзіцца пакрываць ад 230 тыс.руб да 400 тыс.руб у месяц за ўтрыманне дзіцяці.

Інтэрфакс