Нясвіжанін абараніў жонку з дапамогай каструлі

Гастарбайтэр з Нясвіжчыны, вярнуўшыся з Расіі, прывёў пагасцяваць 19-гадовага калегу з Малдовы. У вёсцы Высокая Ліпа малдаванін пачаў настойліва заляцацца да грамадзянскай жонкі гаспадара. Яго выгналі, але ён дачакаўся, пакуль гаспадар сыдзе, і, пагражаючы нажом, спрабаваў згвалціць жанчыну. Якраз вярнуўся гаспадар і суцішыў юнака абухом па галаве. Аднак асаблівай шкоды не нанёс. Праз некалькі гадзінаў маладзён захапіў мужчыну знянацку і нанёс яму мноства ўдараў нажом у грудзі, жывот і спіну. Пасля чаго паспрабаваў згвалціць жанчыну. Трацячы прытомнасць, гаспадар каструляю паспеў разбіць бандыту галаву. Цяпер жыхар Высокай Ліпы ў рэанімацыі, а малдаванін – у арышце. Яму выстаўленыя абвінавачанні ў пагрозе забойства, ў спробах забойства і згвалтавання.