Няўрадавыя арганізацыі Беларусі паедуць на Форум Усходняга партнёрства

Прадстаўнікі 27 беларускіх няўрадавых арганізацый запрошаныя для ўдзелу ў Форуме грамадзянскай супольнасці. Мерапрыемства ладзіцца ў рамках палітыкі Еўрасаюза "Ўсходняе партнёрства" і адбудзецца 16—17 лістапада ў Брусэлі. Як паведамляе БелаПАН, кіруючы камітэт форуму атрымаў 439 заявак. Большасць заявак з краін-партнёраў праграмы прыйшлі з Беларусі (76), затым ідзе Азербайджан (69), Украіна (62), Арменія (50), Грузія і Малдова (па 30). 122 заяўкі накіравалі арганізацыі краін ЕС і міжнародныя структуры.

Кіруючы камітэт рэкамендаваў Еўракамісіі запрасіць прадстаўнікоў 220 арганізацый: 141 — з краін-партнёраў, 79 — з краін — чальцоў ЕС, міжнародных арганізацый і трэціх краін.

Удзельнікі прадстаўляюць усе зацікаўленыя бакі — грамадскія арганізацыі, прафсаюзы, аб'яднанні працадаўцаў, аналітычныя цэнтры, няўрадавыя арганізацыі, некамерцыйныя фонды. Яны паказваюць сферы дзейнасці, звязаныя з чатырма платформамі новай палітыкі: дэмакратычнае кіраванне; эканамічная інтэграцыя; навакольнае асяроддзе і энергетычная бяспека; кантакты паміж людзьмі.

Мэты форума — спрыяць развіццю супрацоўніцтва паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ў краінах Усходняга партнёрства, аказваць тэхнічную дапамогу праектам гэтай палітыкі на двухбаковым і шматбаковым узроўні і ў цэлым прасоўваць у краінах-партнёрах прынцыпы і каштоўнасці Еўрасаюза і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства.