"Одноклассники" ўвялі ліміт на колькасць здымкаў?

Папулярная сярод беларусаў расійская сацыяльная сетка "Одноклассники" ўвяла ліміт на здымкі - цяпер у сваім фотаальбоме карыстальнікі могуць размясціць не болей за 20. Каб падвысіць ліміт на чарговыя 20 - давядзецца заплаціць праз смс. Новаўвядзенне выклікала бурлівую рэакцыю ў інтэрнэт-супольнасці. Многія карыстальнікі заклікаюць масава перайсці ў сетку "Вконтакте".
Першыя платныя сервісы з'явіліся ў "Одноклассниках" у жніўні і верасні. Яны дазвалялі карыстальнікам "нябачна" перамяшчацца па профілях, а таксама выдаляць нізкія адзнакі здымкам. «Я ацэньваю гэты крок станоўча, бо інтэрнэт-праекты павінны на нешта жыць і развівацца. Іншая справа, што большасць з іх усё адно не прыносяць вялікіх грошай, у найлепшым выпадку - акупляюцца», - заявіла тады "Росбалту" прэс-аташэ праекту Нана Кулікова. Цяпер "Аднакласнікі" налічваюць 22 млн. карыстальнікаў.


Ул. інф.