OK Go закінулі ў сеціва чарговы кліп

Амерыканцы OK Go прэзентавалі новы кліп, які здольны дадаць у скарбонку музыкаў яшчэ некалькі дзясяткаў мільёнаў праглядаў на YouTube.  Гэтым разам яны экранізавалі кампазіцыю «End Love» з новага альбома гурта «Of The Blue Colour Of The Sky». Ролік зняты адным кадрам, як і ўжо класічныя ў сеткавым сегменце «Here It Goes Again» і «A Million Ways».

Дакладнага сюжэту ў роліка няма: OK Go проста танцуюць у гарадскім парку. Праўда, адным з галоўных герояў відэа выступае ручны гусак, які суправаджае ўдзельнікаў гурта па ўсёй траекторыі іх перасоўвання. У фінале да музыкаў далучаюцца людзі, што гуляюць у парку, чым забяспечваюць масавы танцавальны фон.

Здымкі кліпа працягваліся 21 гадзіну запар. Аднак дзякуючы выкарыстанню дыскрэтнай тэхналогіі, якая стварае эфект паскоранай здымкі, хранаметраж роліка абмежаваўся стандартнымі трыма хвілінамі. Дарэчы, паглядзець яго можна тут.

Мяркуючы па ўсім, OK Go вырашылі канчаткова пакінуць за сабой званне галоўных вытворцаў віруснага відэа. З пачатку сваёй кар'еры музыкі, якія зрабілі стаўку на прамоўшн у Сетцы, прэзентавалі ўжо з дзясятак арыгінальных (і малабюджэтных) відэаролікаў, якія сабралі ў суме некалькі сотняў мільёнаў паказаў у інтэрнэце. І якія ўзнеслі каманду на Алімп шоў-бізнесу без адзінага запамінальнага хіта.

Фота: chicagomag.com