Озі Осбарн здае ў арэнду свой асабняк

Прыхільнікі Озі Осбарна (Ozzy Osbourne) змогуць правесці вакацыі ў «пляжным доме» спевака.  Рокер здае ў арэнду свой трохпавярховы асабняк на акіянскім узбярэжжы ў Малібу (Каліфорнія).

Паводле дадзеных агенцтва па нерухомасці The Real Estalker, летняя рэзідэнцыя Озі знаходзіцца акурат на беразе акіяна. У ёй 5 спальняў і столькі ж ванных пакояў – плюс вялікая гасціная і гардэробная. Агульная плошча асабняка складае 418 квадратных метраў.

Месячная арэнда «доміка» абыйдзецца ў 40 тысяч долараў, а вось даўжэй пагасціць не атрымаецца – асабняк здаецца толькі да канца лета.

Нагадаем, што зараз музыка знаходзіцца ў туры са сваім фестывалем Ozzfest, які працягнецца да канца жніўня. Калі фэст скончыцца, Озі і яго жонка Шэран плануюць вярнуцца ў Малібу на адпачынак.

Адзначым, што асноўнай рэзідэнцыяй Осбарнаў з'яўляецца дом ў Хідэн-Хілс, Каліфорнія, куды рокер з жонкай пераехалі ў 2007-м пасля продажу свайго «эмцівішнага» асабняка ў Бэвэрлі-Хілс. У сямейства таксама ёсць дом у Букінгемпшыры ў Англіі і кватэра ў Лондане.

Фота: www.thehollywoodnews.com