Па Беларусі працягваюцца акцыі салідарнасці
Акцыі салідарнасці з затрыманымі ў выніку падзей 19 снежня ў Мінску – працягваюцца.
Сёння а 19 гадзіне паводле беларускага часу чарговая акцыя пройдзе каля ізалятара часовага ўтрымання ва Уруччы, дзе адміністрацыйны арышт адбываюць жанчыны. Аб гэтым паведаміў сябра партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Дзяніс Садоўскі.
"Акцыя будзе адбывацца ў фармаце спявання калядных спеваў, таксама спрабуем перадаць дзяўчынам і жанчынам, якія там затрыманыя, Бібліі, нейкія цукеркі ў дзень гэтага вялікага свята Божага Нараджэння. Будзе мерапрыемства падобнае на тое, што ўчора адбылося каля Акрэсціна, але мы спадзяемся, што будзе з лепшым заканчэннем, спадзяемся, што абыдзецца без затрыманняў", распавёў Садоўскі, паведамляе Радыё Рацыя.
Напярэдадні такая ж акцыя каля ізалятара на Акрэсціна завершылася затрыманнямі.