Па Мінску будзе гуляць паліцэйскі-гарадавы

Чалавек, апрануты ў форму гарадавога, з’явіцца ў гістарычным цэнтры Мінску, піша “Народная газета”. Прадпрыемства “Мінская спадчына”, якое займаецца рэстаўрацыяй цэнтру сталіцы, вырашыла надаць гэтаму месцу каларыт XIX стагоддзя. Таму ўжо на дзень гораду яны выпусцяць на вуліцу свайго супрацоўніка, апранутага гарадавым. Гарадавымі ў царскай Расіі, у склад якой уваходзіла Беларусь, называлі прадстаўнікоў ніжэйшага паліцэйскага чыну. Набіралі гарадавых з адстаўных вайскоўцаў. Яны патрулявалі вуліцы і сачылі за парадкам ажно да Лютаўскай рэвалюцыі. Зрэшты, сучасны мінскі гарадавы дапамагаць міліцыянтам не будзе. Яго працай стануць прагулкі па Верхнім горадзе, фатаграфаванне з турыстамі, размовы з дзецьмі і сустрэча дэлегацыяў, якія наведваюць ратушу.