Пачалася падрыхтоўка да чацвертых "Піратаў Карыбскага мора"

Здымкі чацвёртай часткі "Піратаў Карыбскага мора" стартуюць у красавіку 2010 году.
Такую заяву зрабіў Оўрэн Авіў (Oren Aviv) кіраўнік вытворчага аддзела кампаніі Walt Disney. Паводле паведамлення рэсурса Comingsoon, Авіў удакладніў, што "плануецца выпусціць карціну ў 2011 годзе". А ў выпадку поспеху фільм дасць пачатак новай трылогіі.

Ён таксама падкрэсліў, што чацвёртая серыя будзе не такая эпічная, а сюжэт больш сфакусуецца на персанажах. "Фільмы станавіліся ўсё маштабней і маштабней з кожным разам, і зразумела, што гэта падабалася гледачам, але зараз ёсць жаданне зрабіць нешта накшталт перазагрузкі праекта," — дадаў Оўрэн Авіў.

На жаль, пакуль невядома, каму будзе даручана пастаноўка фільма. І нагадаем, што ў красавіку 2009 году стваральнік арыгінальнай трылогіі Гор Вербінскі праінфармаваў кампанію Walt Disney пра тое, што ён не будзе здымаць працяг.

Што ж датычыцца выканаўцы галоўнай ролі Джоні Дэпа, то ён вернецца да ролі Джэка Вераб'я ў новай трылогіі.

Фота: flowtv.org