Пачалося расследаванне допінгавай справы беларускіх кідальнікаў молата

Міжнародны алімпійскі камітэт пачаў расследаванне допінгавай справы беларускіх кідальнікаў молата Вадзіма Дзевятоўскага і Івана Ціхана, якія на Алімпійскіх гульнях у Пекіне занялі другое і трэцяе месцы.
Пасля фінала 17 жніўня спартсмены здалі станоўчы тэст на ўтрыманне тэстастэрона. Як інфармуе Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных асацыяцый, тэсты далі станоўчы вынік, гэта пацвердзіла і ўскрыцце пробаў "В". "Тут усё зразумела - іх чакае дыскваліфікацыя", - сказаў прэзідэнт асацыяцыі Ламінэ Дзіяк.

Прадстаўнік дысцыплінарнай камісіі МАК Эмануэль Маро паведаміў, што слуханне па справе адбудзецца напрыканцы верасня. Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі сцвярджае, што пакуль не атрымлівала паведамленні пра станоўчы допінг-тэст.

У выпадку, калі Дзевятоўскі сапраўды прымаў забароненыя прэпараты, то яму пагражае пажыццёвая дыскваліфікацыя, бо гэта ўжо другі выпадак у яго кар'еры.

Прессбол