Пачаўся другі дзень працы Кангрэсу дэмсілаў

У Мінску 27 траўня а 10-й гадзіне пачаўся другі дзень працы Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Сёння мусіць быць прынятая стратэгія дэмсілаў, адбудуцца выбары сустаршыняў Палітрады. Раніцай 27 траўня адбылася прэзентацыя фракцыяў, якія ўтварыліся на Кангрэсе.

Найбольш масавая — фракцыя «Рэгіёны за свабоду» (фактычна, фракцыя дэлегатаў, якія падтрымліваюць Аляксандра Мілінкевіча), якая налічвае каля 200 сяброў. Гэта і беспартыйныя, і сябры дэмакратычных партыяў. Яе кіраўнік — Віктар Карніенка.

Утварылі фракцыі дэлегаты-партыйцы: Партыі БНФ (101 чалавек, кіраўнік — Віктар Івашкевіч), АГП пад назвай «Грамадзянскае дзеянне» (121 чалавек, кіраўнік — Аляксандр Дабравольскі), БСДП (Г) пад назвай «Справядлівая і салідарная Беларусь» (95 чалавек, кіраўнік — палітвязень Аляксандр Казулін, на Кангрэсе ёй кіруе яго прадстаўнік Ігар Рынкевіч), ПКБ (124 чалавекі, кіраўнік — Валер Ухналёў), Саюз працы (96 чалавек, кіраўнік — Аляксандр Бухвостаў), Партыя свабоды і прагрэса (28 чалавек, Уладзімір Навасяд).


На прэзентацыі фракцыяў журналісты пацікавіліся: Як паставяцца кіраўнікі фракцыяў да пераходу іх сяброў з адной у другую? Кіраўнікі партыйных фракцыяў заявілі, што ў такіх выпадках будзе разглядацца сяброўства гэтых людзей у партыях. Толькі прадстаўнікі Партыі камуністаў перакананыя, што ў іх такіх прэцэдэнтаў не будзе.

Павел Кміціч, Еўрапейскае радыё для Беларусі