Пачаўся продаж квіткоў на "Еўрабачанне-2009"

Пачаўся продаж квіткоў на Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2009". Як паведамляе БЕЛТА, 16 сакавіка з 10 гадзінаў раніцы па маскоўскім часе прыхільнікі гэтага міжнароднага конкурсу могуць купіць квіткі на канцэрты. Яны пройдуць у маскоўскім спартовым комплексе "Алімпійскі" з 11 па 16 траўня. Праграма "Еўрабачання-2009" уключае 12 шоў, у тым ліку публічныя рэпетыцыі, якія будуць ісці з "жывым" гукам, сцэнічнымі і іншымі спецэфектамі.

Самымі дарагімі сталі квіткі на фінал конкурсу 16 траўня: іх кошт вар'іруецца ад 1 тыс. да 30 тыс. расійскіх рублёў (прыкладна ад $30 да $850). Квіткі на паўфіналы 12 і 14 траўня ацэненыя ў суму ад 800 да 20 тыс. расійскіх рублёў. Сама танна абыйдзецца магчымасць пабываць на дзённых і вячэрніх рэпетыцыях — ад 300 да 1800 расійскіх рублёў.

Акрамя кас продаж квіткоў ажыццяўляецца праз афіцыйны сайт конкурсу www.eurovision.1tv.ru.