Пачаўся саміт вялікай Васьмёркі
У нямецкім мястэчку Хайлігендам пачалося першае паседжанне саміту Вялікай Васьмёркі. Першая сэсія лідэраў Брытаніі, ЗША, Германіі, Італіі, Канады, Францыі, Японіі і Расіі прысвечаная праблеме эканамічнага росту і адказнасці ў сусветнай эканоміцы. Сустрэча праходзіць у санаторыі Курхаўс. Госці прайшлі па чырвонай дарожцы да белага асабняку, дзе іх павітала канцлерка Германіі Ангела Мэркель. Саміт па традыцыі адбываецца без журналістаў. Падчас рабочага абеду лідэры абмяркуюць іранскую, блізкаўсходнюю ды косаўскую праблемы, нераспасюд зброі масавага паражэння, барацьбу з міжнародным тэрарызмам. Тымчасам у Хайлігендаме й Растоку працягваюцца акцыі альтэрглабалістаў, якія пратэстуюць супраць беднасці і ўціску ў краінах Трэцяга Сьвету, выкліканых, на думку дэманстрантаў, палітыкай краінаў Васьмёркі.