Пачобут: Супрацоўнікі КДБ, якія мяне дапытвалі, страцілі ананімнасць
Па словах журналіста, у іншай сітуацыі да разгляду гэтай справы можна будзе вярнуцца.
Карэспандэнт "Газеты Выборчай" Андрэй Пачобут збіраецца падаць скаргу на рашэнне вайсковай пракуратуры аб адмове ў распачацці крымінальнай справы, пра гэта журналіст паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё.
Нагадаем, Гродзенская міжгарнізонная вайсковая пракуратура адмовіла ў распачынанні справы ў дачыненні да супрацоўнікаў УКДБ, якія перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы падчас правядзення "аператыўных мерапрыемстваў" 8 студзеня 2011 года. Раней Пачобут заяўляў, што падчас допыту ў гродзенскім КДБ яму нанеслі некалькі ўдараў па галаве.
Следчы вайсковай пракуратуры маёр юстыцыі Руслан Ляпешка палічыў, што "дакладных дадзеных, якія пацвярджаюць ужыванне гвалту, выказванне пагроз і абразаў у адрас Пачобута А.С. падчас праверкі не атрымана, усе магчымасці да гэтага вычарпаны".
Пачобут: "Вайсковая пракуратура яна трошкі адрозніваецца ад цывільнай пракуратуры — там менш палітыкі. Была праведзена праверка на высокім узроўні, адзінае, што рашэнне было прынятае не такое, якое павінна быць прынятае ў канцы. А з матэр'ялаў гэтай праверкі вынікае адназначна, што павінна быць узбуджана крымінальная справа".
Журналіст падкрэслівае, што галоўнае, чаго ўдалося дамагчыся — супрацоўнікі КДБ перасталі быць ананімнымі, цяпер іх прозвішчы вядомыя, а паказанні зафіксаваныя. І ў іншай сітуацыі да гэтай справы можна будзе вярнуцца, кажа Андрэй Пачобут.
Пачобут: "Ёсць пэўныя плюсы гэтай скаргі і перш за ўсё, гэта супрацоўнікі УКДБ, якія так сябе паводзілі ў дачыненні да мяне, яны перасталі быць ананімнымі. Іх дапытвалі. Па сутнасці зроблены сур'ёзны кавалак працы, патрэбная толькі палітычная воля, каб разбірацца ў падобных сітуацыях".
Андрэй Пачобут лічыць, што супрацоўнікі КДБ "атрымалі ўрок" і будучым яны будуць кіравацца законам, не пераходзячы мяжу дазволенага. Ён нагадаў, што апошні ператрус у яго кватэры ўжо праводзіўся "строга ў адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным правам".


