Пачым камяні для Еўропы?
Еўрарадыё высветліла, ці атрымалі “пуцёўку ў жыццё” планы беларускіх чыноўнікаў наладзіць самы цвёрды экспартны канал у гісторыі айчыннага гандлю.
Год таму Еўрарадыё пісала пра тое, што старшыня Свіслацкай раённай адміністрацыі Алег Таргонскі наважыўся гандляваць камянямі са Старым светам. Маўляў, цікавасць з боку еўрапейцаў ёсць: засталося ўзгадніць дэталі — і... Сёлета мы вырашылі даведацца, які прыбытак прынёс раёну экспарт камянёў.
Але сп. Таргонскі гэтую лічбу засакрэціў:
“Камерцыйная таямніца, пакуль так. Мы ў гэтым напрамку працуем. Але канкрэтна мне пакуль няма чым... Канкрэтыку я пакуль выкладаць не гатовы. Не хачу сурочыць, бо пасля таго, як вы напісалі, тут ужо іншыя зацікавіліся...”
Згодна са словамі першага намесніка старшыні Свіслацкага райвыканкама Васіля Кудлаша, попыт на камяні ў людзей ёсць. Можа, і не ў Еўропе, але ў Беларусі — дакладна. Нават у тым жа Свіслацкім раёне ў ДРСУ-209 працуе драбільна-сартавальная ўсталёўка, на якой камяні выкарыстоўваюцца для вытворчасці асфальтабетону.
Гаспадаркі раёна і хацелі б гандляваць камянямі, але не могуць: закон не дазваляе!
Васіль Кудлаш: “Камяні знаходзяцца ў гаспадароў — так ці не? У калгасаў. І каб іх прадаваць, трэба мець ліцэнзію. А ліцэнзій на продаж ні ў каго няма”.
Такім чынам, камяні па-ранейшаму застаюцца вельмі прывабным, але пакуль патэнцыйным прадметам экспарту ў Еўропу. Прывабным тым больш, што ўсяго ў 80 кіламетрах ад Свіслачы на Гродзенскім заводзе карданных валаў распрацаваны новы агрэгат для збірання камянёў.
“Нашая машына ўжо прайшла выпрабаванні ў адной з гаспадарак. А ў сярэдзіне жніўня будзе конкурс такіх машын беларускай вытворчасці, — распавядае дырэктар ААТ “Белкард” Віктар Краўчанка. — Яго мэта — паглядзець, якія ў Беларусі ёсць каменеўборачныя агрэгаты, і вызначыць лепшы. І, я так думаю, лепшая машына мусіць атрымаць станоўчую ацэнку і найбольшую замову”.
На Беларускай машынна-выпрабавальнай станцыі, якая ладзіць выпрабаванні новых машын перад іх запускам у серыйную вытворчасць, Еўрарадыё паведамілі, што на 2010 год запланаваныя выпрабаванні не адной, а адразу трох каменеўборачных машын.
Супрацоўнік БелМВП: “Як будзем выпрабоўваць? Пусцім яе ў поле збіраць камяні і будзем чакаць, калі яна зламаецца! Гэта нашая задача — зламаць яе! Знайсці недахопы, бо тэхніка ў народную гаспадарку мусіць прыходзіць вартая. Каб сяляне не рамантавалі яе, а эксплуатавалі”.
Лепшыя ж машыны па зборы камянёў, на думку супрацоўнікаў машынна-выпрабавальнай станцыі, вырабляюцца ў Віцебску:
“Самыя лепшыя ў нашай краіне каменеўборачныя машыны выпускае Віцебскі маторарамонтны завод. Неблагая машына, паводле замежнай дакументацыі. Тут выпускае Мінскі аблаграсервіс. І яна ў нас будзе ў гэтым сезоне на выпрабаваннях”.
Тры аднатыпныя агрэгаты за год — гэта даволі шмат. Выпрабоўваліся машыны па збіранні камянёў і летась. Трэба думаць, такую прапанову ад вытворцаў спараджае адпаведны попыт з боку сялянскіх гаспадарак?
Але прырода беларуская — багатая, і, нягледзячы на цуды інжынернай думкі, колькасць камянёў на айчынных палях усё не менее. Значыць, прыйшоў час збіраць іх... і прадаваць?
Фота: www.skitalets.ru.