Пацвердзілася гібель Ціхана Клюкача

Ціхан Клюкач

Ціхан Клюкач / MOST

Беларускі добраахвотнік Ціхан Клюкач загінуў. Яго гібель пацвердзіў Радзівон Батулін. Ён жа паведаміў, што цела Клюкача вынеслі з поля бою.

"Парэшткі "Франца" ўдалося выцягнуць. Следам за ўсімі неабходнымі працэдурамі адбудзецца развітанне", — напісаў пабрацім Клюкача ў сваім тг-канале.

Як і дзе загінуў Клюкач пакуль невядома.

Раней прыходзілі супярэчлівыя звесткі пра гібель беларускага добраахвотніка. Паведамлялася, быццам ён загінуў 9 траўня падчас баявога задання. Іншыя абвяргалі гэта, падкрэсліваючы, што Клюкач лічыцца зніклым без вестак, а смерць не пацверджаная.

Ціхан Клюкач — адзін з самых маладых беларускіх палітвязняў. Сёлета ў ліпені яму мусіла споўніцца 24 гады. А судзілі яго ў 2021-м, абвінаваціўшы ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Адбыўшы пакаранне, хлопец у 2022-м перабраўся ва Украіну, якую пайшоў абараняць добраахвотнікам. Служыў у палку імя Кастуся Каліноўскага. У Беларусі яго яшчэ раз асудзілі — ужо завочна, у ліку васьмі каліноўцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.