Пад беларускім прэсам #1: прэзідэнт вырашыў пераразмеркаваць дзяржсубсідыі

Галоўнай тэмай мінулага тыдня ў прэсе стаў зварот Аляксандра Лукашэнкі да ўрада, у якім ён усклаў на чыноўнікаў адказнасць за марнаванне дзяржаўных субсідый і ізноў паабяцаў памяняць гэтую краіну. Да прагнозных паказчыкаў апошнімі месяцамі не дацягвае тысяча прадпрыемстваў з тых трох, якія атрымліваюць субсідыі. З амаль 1 мільярда долараў, які за гэты час дзяржава выдаткавала стратным прадпрыемствам на тое, каб прадэманстраваць запланаваны эканамічны рост, прыкладна траціна, па меркаванні прэзідэнта, была проста “разбазараная”.

Цалкам магчыма, што летась у прэзідэнцкай адміністрацыі проста заплюшчылі б на гэтага вочы. Дзяржаўнае субсідаванне на практыцы дае сродкі для існавання тысячам людзей, якія працуюць на стратных вытворчасцях і, па вялікім рахунку, не вінаватыя ў тым, што іх вытворчаскі – стратныя.

Падтрымка тых, хто за 10 гадоў так і не здолеў навучыцца выжываць на рынку, за кошт падаткаў, якія спаганяюцца з прыбытковых прадпрыемстваў, з’яўлялася ледзь не візітнай карткай сацыяльна арыентаванай эканомікі і ледзь не асноўным доказам так званага “беларускага эканамічнага цуда”.

Але новы час дыктуе новыя ўмовы, сцвярджае карэспандэнт газеты “Беларусы і рынак”, кандыдат філасофскіх навук Аляксандр Грыцанаў:

Аляксандр Грыцанаў:
“Новы эканамічны лад абавязкова мае на ўвазе нейкую жорсткую сацыялюную дрэсуру насельніцтва. Гэтая дрэсура ўжо працуе ў Прыбалтыцы. Яна ўжо зрабіла нейкія істотныя крокі ў Польшчы і гэтак далей. Зараз гэта распачнецца і ў нас, таму што гэта новая рэчаіснасць ХХI стагоддзя”.

Падчас нарады беларускі прэзідэнт зазначыў, што пераразмеркаванне дзяржаўных субсідыяў будзе для беларускай эканомікі нечым накшталт шока. Але – цытата з газеты “Рэспубліка”:

"…нягледзячы на непапулярнасць захадаў, ніхто не ў праве абвінавачваць кіарўніцтва краіны ва ўжыванні “шокавай тэрапіі”.

Штодзённыя дзяржаўныя газеты на тыдні ўстрымаліся ад аналітычных артыкулаў наконт прэзідэнцкай нарады. У стылі інфармацыйнага агенцтва пераказала асноўныя меркаванні дзеючых асоб сустрэчы: прэзідэнта, віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова і старшыні Камітэта дзяржкантролю Зянона Ломаця – журналісты газеты “Рэспубліка”.

Выклікае цікавасць загаловак да гэтага матэрыяла – “Отставить иждивенчество”. Не кожны знойдзе ў сабе смеласць назваць утрыманствам 10 гадоў дзяржаўнай палітыкі. Нават следам за прэзідэнтам, які таксама ўжыў у дачыненні да пражэрлівых субсідыянтаў гэтае напрыемнае слова.

Ужо на наступны дзень пасля падзеі “Советская Белоруссия” дала пра нараду сухую інфармацыю. Сустрэчу ва ўрадзе газета палічыла “лагічным развіццём таго, пра што вялося ў апошнім Пасланні прэзідэнта беларускаму народу і нацыянальнаму сходу”. На думку Аляксандра Грыцанава, нічога нечаканага ў заяве прэзідэнта не было:

Аляксандр Грыцанаў: “Лукашэнка заявіў тое, што ад яго чакалі: што эканоміка, прабачце, павінна быць эканомнай, што краіна павінна жыць па сродках. Але ўсе гэтыя гады вельмі мала нашых прадпрыемстваў жылі па сродках”.

Спадар Грыцанаў лічыць, што прэзідэнт быў вымушаны сказаць тое, што сказаў, бо прадпрыемствы, якія апошнія 10 гадоў не толькі жылі па сродках. Але і кармілі ўсіх астатніх, ужо не тыя. Трагічнасць сітуацыі заўважылі і наведнікі сайта “Советской Белоруссии”, якія адзначыліся ў каментарах да артыкула. Цытата:

“Цяпер, пасля слоў Прэзідэнта мы даем падставу ворагам Беларусі і яе эканамічнага “цуду” крычаць: бачыце, усё трымалася толькі на танным газе!”

Прэса з абодвух бакоў барыкадаў адзначыла, што пры канцы нарады Аляксандр Лукашэнка знайшоў-такі на каго ўскласці віну за эканамічны каллапс, які чакае краіну. Цытата:

“Прэзідэнт яшчэ раз адзначыў важнасць кадравага пытання. “За кожную капейку дзяржаўных сродкаў будзеце адказваць галавой”, – папярэдзіў ён урад і кіраўнікоў прадпрыемстваў”.

Незалежная прэса, якая не падзяляе характэрнага для афіцыёзных выданняў захаплення хуткім на расправу прэзідэнтам, у каментарах была крыху больш шчырая і запісала выказванне прэзідэнта ў шэраг захадаў па асаджванні беларускага чынавенства. Але падзеі “палявання” на беларускіх чыноўнікаў яшчэ наперадзе.