Пад Карэлічамі неўзабаве знясуць некалькі вёсак

На іх месцы пабудуюць некалькі фабрык: тут знайшлі ўзбагачаную руду, якую перададуць у канцэсію замежным фундатарам. Чуткі пра тое, што тут выяўленая нейкая руда, хадзілі яшчэ гадоў 30 таму. І быццам самалёты, пралятаючы над карэліцкімі горкамі, гублялі дакладнасць прыбораў, а некалькі нават разбілася. Прыязджалі даследаваць тую мясцовасць і геолагі ў адказ на скаргі лётчыкаў - але ж будавалі сацыялізм, а ў Расіі той руды ў самой было валам. Так радовішча і было забытае на нявызначаны тэрмін. Вось, ажыло…

Вярнуліся геолагі сёлета на то "бермудскае" месца і пацвердзілі афіцыйна: ёсць руда, жалезная. Прычым багатая, прытым з каштоўнымі дамешкамі, з тытанам, напрыклад.

Пасля таго, як прасвідравалі двухкіламетровыя свідравіны і ўдакладнілі, што залягае руда 725-метровым пластом пад 250-метровым пластом зямлі. Агульная плошча і колькасць пароды невядомыя, гэта будзе ўдакладняцца наступнымі геолагавыведнымі працамі. Што яшчэ выявілі яшчэ на пакінутым кіламетры свідравання, невядома, але разнесліся чуткі, што там мармур рэдкага вішнёвага колеру і нават дыяменты. Чуткі праз нейкі час заўсёды аказваюцца праўдаю, а што будзе гэтым разам, пабачым.

Аляксандр Фалейчык, загадчык аддзелу аховы прыроды і навакольнага асяродку Карэліцкага райвыканкама, якога мы выпадкова заспелі на раскопах, нібы развітваўся з роднымі маляўнічымі месцамі, непадалёк ад якіх прайшло яго дзяцінства. Ён сказаў: - Мяне, як прыродаахоўніка, не турбавалі працы геолагаў, яны ніякай шкоды прыродзе не маглі прычыніць. А вось калі пачнецца асваенне радовішча, тады трэба будзе сачыць, каб выконвалася заканадаўства. Асцерагаюся, напрыклад, што з правядзеннем працаў з раёна сыйдзе вада. Але з іншага боку, Беларусь займае трэцяе месца ў свеце па запасах вады. А вось карысць нельга недаацэньваць: з'явяцца новыя вытворчасці з давядзеннем руды да патрэбных кандыцый. І тут аперацый не адзін дзесятак. А гэта новыя працоўныя месцы, раён зажыве новым насычаным жыццём.

Тры месяцы таму з радовішча з’ехалі геолагі (гэта трохкутнік паміж вёскамі Навасёлкі, Сервеч і Даўгінава), а за гэты час была створаная ўрадавая камісія, якая вырашае лёс Навасёлкаўскага радовішча. Прынятыя ўказ прэзідэнта і пастанова Рады Міністраў. Справа закруцілася, таму што выкапні абяцаюць краіне багацце, асабліва ў гэты крызісны час. Цяпер вядома, што плануецца будаўніцтва абагачальных фабрык у саміх Навасёлках і Аколаўскім радовішчы ў Стаўбцкоўскім раёне. Апрацаваная руда будзе перадавацца ў канцэсію замежным фундатарам. Таму да 1 сакавіка трэба распрацаваць праекты асноўных канцэсійных дамоваў.

Тэрмін пачатку працы па засваенні радовішча будзе вызначаны пасля дэталёвай выведкі радовішча і ў залежнасці ад гатовасці праектаў па будаўніцтве фабрык і цэха па вытворчасці металічных акатышаў.

Тады будзе вядомы і спосаб здабычы руды – шахтавы або кар’ерны. Але ў кожным разе жыхароў вёсак трэба будзе высяляць са здабыўчай зоны. Мы спыталі мясцовую паштарку, як вяскоўцы ставяцца да будучай будоўлі, на што яна адказала:

- А каго высяляць: у Сервечы засталіся 5 пенсіянераў, ды і ў іншых вёсках не нашмат больш. Тым больш, ужо забаронена купляць у гэтых месцах хаты і землі.

Яна мела рацыю: яе паштарская торба была надзіва худая…