Пад Мінскам было бачнае палярнае ззянне (фота)

Фотаздымкі палярнага ззяння ў Чэрвеньскім раёне Менскай вобласці апублікаваў у сваім Фэйсбуку Віктар Малышчыц.

“Сёння ноччу ўся планета чакала яркае палярнае ззянне: на Сонцы адбыліся дзве магутныя ўспышкі, плазма ад якіх рухалася як раз у бок Зямлі. Прадказвалі яркае ззянне нават на нашай шыраце. Прасядзеў усю ноч на адным з азёраў у Чэрвеньскім раёне, і ззянне сапраўды з'явілася каля паўночы! Але было такім слабым (сюды дадайце яшчэ смугу і поўню), што вокам яго ўбачыць шанцаў не было ніякіх. Вось фота з гэтай ночы”, — напісаў ён у каментары да фотаздымка.

Вядома, што ў нармальных умовах палярныя ззянні неўласцівыя шыротам, у якіх размешчаная Беларусь. Хоць падчас высокай сонечнай актыўнасці часам “шанцуе” Віцебскай вобласці, звычайна палярныя ззянні адбываюцца на шыротах 67-70°. Мяркуецца, што ў дні накшталт сённяшняга палярныя ззянні могуць быць прыкметныя паўсюдна на планеце аж да трапічных шырот, піша сайт charter97.org