Пад Мінскам створаць гульнявы цэнтр з бязвізавым уездам для замежнікаў?

Урад Беларусі плануе ў самы бліжэйшы час прыняць рашэнне аб стварэнні непадалёк ад нацыянальнага аэрапорта “Мінск” адмысловага гульнява-забаўляльнага цэнтра.
Пра гэта перадае “Інтэрфакс-Захад” са спасылкай на крыніцу ва ўрадавых колах.

У цяперашні час беларускія спецыялісты вывучаюць досвед арганізацыі і вядзення гульнявога бізнесу ў Аўстрыі, Макао, Малайзіі.

На падставе гэтага досведу ўрадам Беларусі будзе падрыхтаваны праект нарматыўнага прававога акту, які створыць самыя льготныя ўмовы як для замежных фундатараў, якія выкажуць жаданне ўдзельнічаць у будаўніцтве цэнтра пад Мінскам, так і для яго будучых наведвальнікаў, першым чынам — замежных турыстаў.

Плануецца, што на тэрыторыі цэнтра будзе дзейнічаць адмысловы прававы рэжым, які прадугледжвае, у прыватнасці, магчымасць бязвізавага ўезду замежнікаў, ажыццяўленне бязмытнага гандлю, разлікаў у замежнай валюце.