Пад Пружанамі ў аварыю трапіў вайсковы верталёт

Пад Пружанамі адбылося надзвычайнае здарэнне. На аэрадроме ў Засімавічах зваліўся верталёт з людзьмі. Пры аварыі людзі не пацярпелі, а машына атрымала сур'ёзныя пашкоджанні. Як паведамляе газета "Вечерний Брест", гэта адбылося 16 лютага. Міністэрства абароны сцвярджае, што ўсе верталёты працуюць у штатным рэжыме. Між тым начальнік арганізацыйна-кантрольнага аддзела Беларускай ваеннай пракуратуры Ігар Шарстнёў паведаміў журналістам, што каментаваць не будзе, бо аварыя верталёта здарылася ва Ўзброеных Сілах – туды і трэба звяртацца па інфармацыю.

Паводле непацверджаных звестак, вайсковы верталёт МІ-8 узлятаў з мясцовага аэрадрома. На борце знаходзіліся, як мяркуецца, 14 парашутыстаў, якія праходзілі ў Засімавічах ваенна-трэніровачныя зборы. Набраўшы невялікую вышыню, шрубалёт страціў кіраванне і, урэзаўшыся ў дрэвы, зваліўся на зямлю. Толькі па шчаслівай выпадковасці ніхто з вайскоўцаў не пацярпеў. Ізноў жа, па непацверджанай інфармацыі, хутчэй за ўсё, у здарэнні вінаватая пылавая віхура, узнятая пры ўзлёце. У ёй пілот страціў арыентацыю і не справіўся з кіраваннем. Само паветранае судна пры падзенні атрымала сур'ёзныя пашкоджанні і, мяркуючы па ўсім, узнаўленню не падлягае.