Пад Вялейкай ушанавалі памяць антысталінскага дзеяча Расціслава Лапіцкага

28 кастрычніка ва ўрочышчы Чырвоны Беражок блізу Вялейкі, што ў Мінскай вобласці, прадстаўнікі грамадскасці ўшанавалі памяць стваральніка і кіраўніка мядзельска-смаргонскай нелегальнай моладзевай антысавецкай арганізацыі Расціслава Лапіцкага, расстралянага 28 кастрычніка 1950 года, паведамляе Радыё Свабода. Удзельнікі акцыі запалілі свечкі і ўсклалі кветкі ля крыжоў, якія стаяць на месцы забойства Лапіцкага. Гэта было адно з мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, які цягам апошніх трох гадоў адзначаецца 29 кастрычніка беларускай грамадскасцю.

У 1948-1949 гадах у Смаргонскім і Мядзельскім раёнах з вучнёўскай моладзі Лапіцкі стварыў антыкамуністычную падпольную арганізацыю, якая выдавала антысталінскія ўлёткі. Пасля раскрыцця арганізацыі яе актывісты, у тым ліку і непаўналетнія, сталі вязьнямі ГУЛАГа, а моладзевы лідэр Расціслаў Лапіцкі быў расстраляны.