Падчас вайны не да нас? Беларусы маюць права размаўляць пра свае праблемы

Пратэст у Беларусі / Еўрарадыё
Пратэст у Беларусі / Еўрарадыё

Беларусы маюць права размаўляць пра свае праблемы, нават калі ідзе вайна і, здавалася б, не да “беларускага пытання”. Сваімі думкамі пра пачуццё віны перад украінцамі ў эфіры Еўрарадыё падзялілася Крысціна Дробыш, акторка і адна з аўтарак антыкрызіснага ток-шоу “Трэба пагаварыць”.

— Гэта вельмі складанае пытанне і для мяне таксама, бо я знаходжуся ў гэтым кожны дзень. І напэўна, з лютага з’явілася гэтае пачуццё віны. І было незразумела, што рабіць: ці прымаць гэтыя ўдары, ці даваць здачы. Цяпер магу сказаць: так, даваць здачы. Бо мы крычалі з 2020-га году актыўна. Але палітзняволеныя былі і да 20-га году: і прысуды, і затрыманні. У 2020-м гэта стала відавочна для большасці. Мы крычалі пра гэта. Ніхто гэтага не бачыў. Пасля 24 лютага ўбачылі толькі адно: з вашай краіны ляцяць ракеты.    

Дробыш звяртае ўвагу на тое, што многія ўкраінцы не заўважалі таго, што насамрэч адбывалася ў Беларусі:

—  Я памятаю, як летам мінулага году я ехала ў Кіеве і размаўляла з таксістамі — галоўнымі палітолагамі любой краіны. І яны мне расказвалі пра тое, як усё ў нас было куплена ў жніўні 2020-га. Сума, якую называлі, падазрона супадала з сумай, якую ён называў за ўдзел у Майдане. І казалі, што мы, маўляў, усё перабольшваем. І ім даказваеш-даказваеш, а потым чуеш: “Ну дык вы не даціснулі”.

Пры гэтым людзі згадваюць, як у свой час Расія, выкарыстоўваючы ўкраінскія парты, нападала на Малдову і Грузію. А пра гэта ніхто не згадвае. Ва Украіне ніхто тады не пратэставаў. У Беларусі ж, ведаючы, што ім за гэта будзе, людзі ж выйшлі: і ў Мінску, і па ўсёй Беларусі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.