Падлеткі абрабавалі краму, каб купіць падарунак маці (відэа)
Здарэнне адбылося ў Магілёве.
Увечары ў адну з крамаў зайшоў 16-гадовы падлетак у масцы. Ён прыгразіў прадаўцу прадметам, падобным на пісталет, і запатрабаваў аддаць яму грошы. У гэты час яго сябрук, вучань 11-га класа, чакаў на вуліцы. З атрыманымі грашыма яны ўцяклі.
Ужо праз 40 хвілін міліцыянты затрымалі зламыснікаў. Пры іх знайшлі прадметы, якія выкарыстоўваліся для рабунку, ды забраныя ў краме 2 мільёны рублёў. Патраціць грошы падлеткі не паспелі.
Міліцыянты кажуць, што зламыснікі — "нармальныя хлопцы" і зусім не падобныя на "патэнцыйных злачынцаў ці правапарушальнікаў". Свае дзеянні патлумачылі жаданнем здабыць грошы на падарункі сваім маці да свята 8 сакавіка.
Цяпер хлопцам пагражае да 15 гадоў зняволення, паведамляе тэлеканал АНТ.