Палата прадстаўнікоў пакуль не рыхтуецца прызначаць дату выбараў

Як паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў, і 14 верасня, падчас другога дня пятай пазачарговай сесіі, дэпутаты не плануюць разглядаць пытанне аб прызначэнні даты выбараў прэзідэнта.
Прэс-служба: “Вас усіх цікавіць адно пытанне! Парадку дня яшчэ няма, але плануецца другое чытанне бюджэту. І ўсіх астатніх заканадаўчых актаў, якія разглядаліся ў першым чытанні”.

Аднак у прэс-службе адзначаюць, што да 14 верасня яшчэ час ёсць і магчыма, што ў парадак дня будзе ўнесена нешта новае.

Нагадаем, што першае паседжанне пятай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў прайшло 7 верасня. Чакалася, што на ёй дэпутаты прызначаць дату выбараў. Але яны абмежаваліся прыняццём у першым чытанні праектаў законаў аб зменах і дадатках у Падатковы і Бюджэтны кодэксы і праекта закону аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год. А праект закона аб бюджэце Фонду сацыяльнай абароны быў прыняты адразу ў двух чытаннях.