Палата прадстаўнікоў змяніла выбарчае заканадаўства

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прынялі ў першым чытанні законапраект аб зменах у выбарчае заканадаўства.  "Усе папраўкі накіраваныя на мадэрнізацыю выбарчага працэсу і падвышэнне даверу да выбараў", — перадае БЕЛТА словы старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі Ярмошынай на паседжанні трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў. Яна вылучыла тры асноўныя рысы новаўвядзенняў — узмацненне грамадскага кантролю, спрашчэнне спосабу вылучэння кандыдатаў і падвышэнне крытэраў працы выбарчых камісій.

Па яе словах, выбарчыя камісіі атрымаюць больш незалежнасці ад органаў улады. У прыватнасці, прапаноўваецца забараніць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам улады ўключаць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій. Паводле паправак дзяржаўныя службоўцы могуць складаць не больш адной траціны складу выбарчай камісіі, 30% чальцоў камісіі абавязкова павінны быць з палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў.

Сама працэдура збору подпісаў стане значна прасцейшай. Прапаноўваецца ўвесці збор подпісаў у выглядзе пікету, паінфармавала старшыня ЦВК. Па яе словах, ініцыятыўныя групы змогуць гэта рабіць без дазволу ўлады. "Напярэдадні выбарчай кампаніі мясцовыя ўлады вызначаць месцы, дзе нельга будзе праводзіць пікеты", — сказала спадарыня Ярмошына. У астатніх месцах збор подпісаў будзе дазволены.

Ярмошына адзначыла, што кандыдаты ў дэпутаты і прэзідэнты на выбарах у Беларусі не будуць несці адказнасць за забеспячэнне грамадскага парадку на перадвыбарных мерапрыемствах. Аднак калі кандыдаты самі будуць ініцыяваць грамадскае хваляванне, то ў адпаведнасці з заканадаўствам будуць несці за гэта адказнасць.

Па словах Лідзіі Ярмошынай, значная частка патрабаванняў АБСЕ і Еўрасаюза ўлічаная ў выбарчых папраўках. "Патрабаванні Еўрасаюза і АБСЕ максімальна ўлічаныя — на 85-90%", — сказала старшыня ЦВК.